Галоўная » » Горад Навагрудак
Гара Міндоўга
Гара Міндоўга ўяўляе сабой вялікі курган на вуліцы Мінскай (колішняй Траецкай) у Навагрудку. На гэтым месцы дагэтуль існуе старажытны некрапаль, дзе захавалася шмат даўніх пахаванняў. Як лічаць некаторыя даследчыкі, пахаванні тут рабіліся яшчэ ў язычніцкія часы. Мясцовае паданне гаворыць, што тут у XIII ст. быў пахаваны заснавальнік Вялікага княства Літоўскага князь Міндоўг, што пэўны час меў тытул караля. Аб гэтым паданні ўпамінаецца ў першай манаграфіі пра Навагрудак, выдадзенай на лацінскай мове ў Львове ў 1795 г. Хаця, як версія, такая назва магла ўзнікнуць ад таго, што на гэтай гары і вакол яе, магчыма, праходзіла ў 1253 г. каралеўская каранацыя Міндоўга, бо, як сказана ў летапісу, каранацыя праходзіла не непасрэдна ў Навагрудскім замку, а каля яго. Пазней на дадзеным узгорку знаходзіліся хрысціянскія могілкі. І зараз тут можна ўбачыць старыя надмагіллі. У ліпені 1993г. на гарадскім свяце з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга ля падножжа гары ўстаноўлены памятны знак, які і можна ўбачыць на фатаграфіях. Гару Міндоўга васпеў паэт Ян Чачот (1796 - 1847) у паэме "Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года", балада "Магіла Міндоўга. 1263 г. ":
У Наваградку дагэтуль
Ёсць гара Міндоўга.
Там ляжыць ён, яго помніць
Люд наш будзе доўга.
Быў ён свой кароль, ліцьвінскі,
Меў калісьці сілу.
Гары Міндоўга прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь другой катэгорыі.
Навагрудскі замак
Навагрудак у Сярэднявечча з'яўляўся цэнтрам княства, а з сярэдзіны ХІІІ ст. быў першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага (з часоў князя Міндоўга да часоў Вялікага князя Гедыміна).
Нездзіўляльна, што мясцовы замак меў важнае ваенна-палітычнае значэнне як княжацкая рэзідэнцыя. Навагрудскі замак быў размешчаны на вялікім узгорку, вакол якога былі праведзены рвы з вадой. Драўляны замак існаваў тут з сяр. ХІ ст. У 2-ой пал. ХІІІ ст. у замку была пабудаваная 4-вугольная каменная вежа. Гэтая вежа адыграла вялікую ролю ў абароне замка. У 1274 годзе галіцка-валынскія і татарскія войскі безвынікова штурмавалі Навагрудак. Шматлікія спробы атрадаў крыжакоў захапіць замак (у 1314 годзе на чале з магістрам Гайнрыхам фон Плёцке, у 1391 годзе на чале з магістрам Конрадам фон Валенродам і ў 1394 годзе на чале з магістрам Конрадам фон Юнінгенам і маршалам Вэрнэрам Тэтынгерам) таксама не мелі поспеху. Пасля пераносу сталіцы ВКЛ у Вільню (прыкладна 1323 г.) Навагрудскі замак застаўся вялікакняжаскай рэзідэнцыяй. У пач. ХIV ст. у замку пабудавалі каменную царкву Св. Міхаіла, у сяр. ХIV ст. побач царквы пабудаваны 2-павярховы каменны палац. У другой палове ХІV ст. каменная вежа была перабудавана з дапамогай цэглы, яна мела 5 паверхаў і атрымала назву Шчытоўка (Шчытавая, Цэнтральная), бо з’яўлялася сапраўдным шчытом сярэднявечнага горада.
У канцы ХІV – пачатку ХV стст. замак быў перабудаваны і стаў мураваным. Гатычны замак меў 5 злучаныя мурамі вежы: акрамя Шчытоўкі былі ўзведзеныя Касцельная вежа, вежа Малая брама (у ёй знаходзілася брама – уваход у замак), Пасадская вежа, Калодзежная вежа (пабудавана над крыніцай, адкуль насельнікі замка маглі атрымліваць ваду падчас аблогі). У 1505 замак вытрымаў аблогу крымскіх татарскіх атрадаў Біці-Гірэя. У пач. ХVІ ст. ў паўночна-заходнім куце Навагрудскага замка была ўзведзена вялікая вежа Дазорца, а таксама Меская вежа-брама, якія былі злучаны мурамі і ўтварылі так зв. форбург (прадзамча) – дадатковае ўмацаванне замка. Такім чынам, ХVІ ст. Навагрудскі замак заставаўся адным з магутнейшых у Беларусі і адзіным, які меў 7 вежаў. Ён меў некалькі зон абароны: уласна замак, форбург (дапаўняльнае кола муроў), таксама дадаткова абараняўся ўмацаваннямі з паўночнага і паўночна-заходняга бакоў, дзе знаходзіўся вялікі земляны вал і шырокі абарончы роў.
Навагрудскі замак атрымаў пашкоджанні падчас казацка-сялянскіх войнаў і вайны з Маскоўскім царствам сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. Адрэмантаваны, ён атрымаў новыя разбурэнні ў час Паўночнай вайны пач. ХVІІІ ст. Сваю лірычную версію разбурэння замка шведамі падае паэт Ян Чачот у баладзе «Навагрудскі замак» (1818-1819). Пры гэтым адзначым, што ў замкавай царкве Св. Міхаіла да 1775 праходзілі пасяджэнні Трыбуналу — вышэйшага апэляцыйнага суду Вялікага княства Літоўскага, што паказвае высокі статус дадзенага замка.
У 1802 годзе гродзенскі губернатар Бенігсан даў загад разабраць частку замкавых вежаў з мэтай пабрукаваць камянямі вуліцы горада. У канцы ХІХ ст. на тэрыторыю замчышча праз пралом у мурах пачалі звозіць з усяго Навагрудка смецце. Аднак, нягледзячы на ўсе выпрабаванні замак не быў знішчаны цалкам, да нашых дзён часткова захаваліся вежы Касьцельная і Шчытоўка, а таксама невялікія ўчасткі муроў. Як замак выглядаў у ХІХ ст., мы можам бачыць на выявах, што зрабіў вядомы беларускі графік і мастак Напалеон Орда (1807 – 1883).
У 1921 г. Навагрудскі замак быў узяты пад ахову польскімі ўладамі (Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы), а ў 1922—1930 гг. польскія археолагі правялі частковую кансервацыю вежавых руінаў. З 1956 г. ў Наваградку працавалі савецкія археолагі. На дадзены момант вядуцца актыўныя работы па даследаванню і кансервацыі замка, вежу Шчытоўку плануецца адрэстаўраваць і размясціць у ёй музей. Каля падножжа замкавага халма ўсталяваны камень з выявай герба Навагрудка. Навагрудскаму замку прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.
Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга
Гатычны фарны (парафіяльны, галоўны ў парафіі) касцёл у гонар Усіх Святых быў закладзены Вялікім князем Вітаўтам у 1395 г. У 1422 г. у касцёле адбылася цырымонія шлюбу караля Польшчы Уладзіслава ІІ Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, аб чым нагадвае мемарыяльная пліта на бакавым фасадзе. У гонар 600-годдзя з дня нараджэння Соф'і побач з храмам была пасаджана лістоўніца, а побач усталяваны памятны камень. Ягайла і Соф’я сталі (праз сваіх сыноў Уладзіслава ІІІ і Казіміра Ягелончыка) родапачынальнікамі дынастыі Ягелонаў, прадстаўнікі якой з’яўляліся манархамі Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Чэхіі і Венгрыі. У 1643г. па замове навагрудскага кашталяна Яна Рудаміны ў храме ўсталёўваецца мармуравы барэльеф у памяць аб навагрудскіх рыцарах, якія загінулі ў бітве з туркамі пад Хоцінам (1621) (захаваўся да нашых дзён).
У 1712—1740 касцёл быў часткова перабудаваны, у яго аблічча прынесены рысы стыля сармацкае барока. У 1723 годзе касцёл асвечаны у гонар Божага Цела. У 1776 г. біскуп Жулкоўскі асвячае касцёл у гонар Праабражэння Гасподняга. 12 лютага 1799 г. у гэтым храме быў ахрышчаны адзін з найвядомейшых паэтаў эпохі рамантызму Адам Міцкевіч (1798 – 1855). У 1857 г. храм быў зачынены, але ў 1906 г. — вернуты каталікам. У 1921—1923 гг. праводзілася рэстаўрацыя касцёла, у 1922 г. храм быў паўторна асвечаны.
1 жніўня 1943 гестапаўцы пакаралі смерцю 11 сясцёр-назарэтанак (навагрудскіх пакутніц), чыя магіла праіснавала побач з касцёлам да 1991 года. Зараз мошчы прылічаных Святым Прастолам у 2000 годзе да блажэнных сясцёр пахаваны ў храме, а на месцы іх пахавання побач з храмам устаноўлена стэла.
У храме знаходзіцца шанаваны цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай ў каталіцкай рэдакцыі. Фарны касцёл з надмагільным помнікам загінулым у бітве пад Хоцінам у 1621 г. атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.
Касцёл Св. Міхала Арханёла
Каталіцкі касьцёл Св. Міхала Арханёла быў пабудаваны ў 1724 г. у стылі сармацкага барока. Касцёл належаў манастыру ордэна дамініканцаў. У школе, будынак якой знаходзіўся каля касцёла, вучыўся А. Міцкевіч. Касьцёл Св. Міхала Арханёла мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі
Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча
Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча — ўзгорак, створаны ў 20-x гадах ХХ ст. у гонар Адама Міцкевіча ў Навагрудку, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады і ў ваколіцах якога адбываюцца многія падзеі яго твораў. Насыпаны па ініцыятыве Міцкевічаўскага камітэта на плошчы, якая была выкуплена за 6 тысяч злотых, што былі сабраны добраахвотнымі ахвяраваннямі. Урачыстая закладка кургана адбылася 27 мая 1924 года. Скончылі насыпаць курган у 1931 годзе. Каля яго падножжа была ўстаноўлена стэла з надпісам–прысвячэннем, якая ў 1998 годзе ў сувязі са святкаваннем 200-годдзя з дня нараджэння паэта была заменена на валун.
Падобная практыка стварэння кургана ў гонар асобнага чалавека з'яўляецца ўнікальнай для Беларусі. Недалёка ад кургана ў 1992 годзе быў усталяваны таксама помнік А. Міцкевічу. Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.
Помнік Адаму Міцкевічу
Помнік Адаму Міцкевічу знаходзіцца непадалёк ад Кургана Адама Міцкевіча, Навагрудскага замка, Фарнага касцёла, дзе быў ахрышчаны Міцкевіч, што разам стварае ўнікальны гісторыка-культурны комплекс. Аўтар помніка - скульптар Валяр'ян Янушкевіч, што стварыў цэлы шэраг помнікаў постацям беларускай гісторыі, якія размешчаны ў Беларусі, Польшчы, Літве, Італіі. Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 12 верасня 1992 г. падчас правядзення Міжнароднага свята ў гонар паэта. Скульптура выканана ў бронзе, яе вышыня 3,1 м, усталявана на палявым валуне. Гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.
Дом-музей Адама Міцкевіча
Яшчэ адна з мясцін, што шчыльна звязана з жыццём вялікага паэта. Дом-музей Адама Міцкевіча — літаратурна-мемарыяльны музей, які размешчаны ў доме, дзе жылі бацькі паэта і некаторы час пражываў ён сам. Першая спроба стварэння ў Навагрудку музея Адама Міцкевіча адносіцца да 1920 г. Рэальна дом-музей быў адкрыты для наведвальнікаў 11 верасня 1938 г. Пасля вайны быў адрэстаўраваны ў 1955 г.
Сучасны выгляд дом-музей набыў у 1990 г. пасля чарговай рэканструкцыі. Быў адноўлены галоўны будынак па ўзору пач. ХІХ ст., на тэрыторыі сядзібы пабудаваны флігель (малы жылы дом), які злучаецца з асноўным будынкам падземным пераходам, а таксама свіран, калодзеж, альтанка.
Экспазіцыя музея размешчана ў 5 залах і выставачнай галерэі. У 1-й зале прадстаўлены матэрыял пра сям'ю А.Міцкевіча (дакументы, партрэты бацькоў, братоў), знаходкі з археалагічных раскопак на радзіме паэта ў в. Завоссе Баранавіцкага раёна, падручнікі для павятовых школ, сярод якіх падручнік па матэматыцы 1772. Экспазіцыя 2-й залы звязана з бацькам А.Міцкевіча і яго адвакацкай практыкай. Сярод экспанатаў: пратаколы судовых пасяджэнняў, кішэнны гадзіннік, падсвечнік, чарнільны прыбор, шафы пачатку 19 ст., дзе захоўваюцца юрыдычная літаратура і кнігі, выдадзеныя да 1812, у т.л. «Біблія» на французскай мове 1775. Асобны раздзел прысвечаны паўстанню пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі 1794.
У 3-й зале (былая гасцёўня) экспануюцца мэбля 19 ст., фарфоравы і фаянсавы посуд канца 18 — пачатку 19 ст., настольны гадзіннік канца 18 ст., які знаходзіўся ў 1822 у пакоі А. Міцкевіча ў Вільні, матэрыялы пра вучобу паэта ў Віленскім універсітэце і пачатак яго творчасці. Экспазіцыя 4-й залы прысвечана знаходжанню А. Міцкевіча ў Расіі. Тут захоўваюцца копіі кніг А. Міцкевіча, выдадзеных у Расіі і іншых краінах, копіі партрэтаў «А.Міцкевіч» Ю. Аляшкевіча і «А.Міцкевіч на гары Аю-Даг» В.Ваньковіча, партрэты рускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія захапляліся творчасцю А. Міцкевіча, раяль і мэбля 19 ст.
Перыяд знаходжання А. Міцкевіча ў Германіі, Швейцарыі, Італіі, Францыі прадстаўлены матэрыяламі экспазіцыі 5-й залы. Сярод экспанатаў: партрэты жонкі і дзяцей пісьменніка, І. Гётэ, Ф. Шапэна, Н. Орды, М.Агінскага і інш., копія першага выдання паэмы «Пан Тадэвуш», дакументы пра апошнія дні А.Міцкевіча, бронзавая мадэль помніка (1909 — 29) паэту ў Парыжы, набытая музеем у 1937 ва ўдавы скульптара Э.Бурдэля.
У выставачнай галерэі штогод праходзяць каля 10 выставак. Дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі: этнаграфічная «Малюнкі сельскага жыцця»; «Свет кухні Міцкевічаў», дзе экспануецца керамічны посуд 19 ст.; «Паэма Пан Тадэвуш» — праз гады і народы", на якой прадстаўлена больш 70-ці выданняў твора, пачынаючы з сярэдзіны 19 ст., у т.л. на замежных мовах.
Каля сядзібы ўсталяваны памятны знак А. Міцкевічу. Штогод музей наведвае больш 20 тыс. чалавек. Былая сядзіба Міцкевічаў, дзе размешчаны музей, адносіцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.
Навагрудскі Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор
Пабудаваны ў 1780 г. у стылі барока як касцёл Св. Антонія ў складзе каталіцкага ордэна францысканцаў. У 1846 г. ператвораны ў праваслаўную царкву Св. Мікалая. З’яўляецца кафедральным (гэта зн. галоўным, дзе знаходзіцца кафедра епіскапа) саборам Навагрудскай і Лідскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Комплекс былога кляштара францысканцаў: касцёл (Мікалаеўская царква) і кляштарны корпус маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.
Помнік Святому прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму
Помнік звышгоднаму (прападобнаму) Елісею Лаўрышаўскаму у г. Навагрудку 10 лістапада 2007 г. асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі. Святы Елісей з’яўляецца не толькі адным з самых шанаваных мясцовых святых Навагрудчыны, але і ўсёй Беларусі (кароткую біяграфію святога гл. ніжэй, у раздзеле, прысвечаным манастыру, што асвечаны ў яго імя). Трохметровы манумент святога ў манаскім уборы і з крыжом у руках усталяваны каля будынка епархіяльнага ўпраўлення і Навагрудскага Свята-Мікалаеўскага кафедральнага сабора. Адкрыццё манумента стала адным з цэнтральных падзей святкавання 690-годдзя абвяшчэння Навагрудскай епархіі і 15-годдзя яе аднаўлення, якія праходзілі ў ходзе урачыстасцяў у гонар 1015-годдзя праваслаўя на Беларусі.
Царква Святых Барыса і Глеба
Барысаглебская царква пабудавана ў гатычным стылі на месцы храма 1-й паловы XII ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы як крыжовакупальны храм. У 1317 г. гэты храм атрымаў статус кафедры Літоўскай праваслаўнай мітраполіі. З XIV ст. пры царкве існаваў мужчынскі манастыр. Будаўніцтва сучаснай Барысаглебскай царквы вялося ў 1517—1519 гг. у тэхніцы гатычнай муроўкі новай саборнай царквы з фундацыі князя Канстантына Астроскага і пры падтрымцы мітрапаліта Язэпа Солтана. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства XII ст. Храм быз размаляваны фрэскамі, меў прыгожыю маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. Падчас яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З XIV ст. пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр, з 1624 г. — жаночы, з 1628 г. — мужчынскі манастыр базыльян (Барысаглебскі манастыр), з 1839 г. праваслаўная царква.
У пачатку XVI ст. і асабліва ў 1-й чвэрці XVII ст. (1624 – 1632 – на сродкі Аляксандра Храптовіча) храм быў часткова перабудаваны, у яго аблічча прынесеныя рысы позняй готыкі, рэнесансу і сапмацкага барока. У XVII ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай.
У 1923—1924 гг. вялася рэстаўрацыя храма. У 1961—1995 гг. храм быў зачынены, у будынку размешчаны філіял дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці. У 1990-я ў выніку рэстаўрацыі аднавіўся гатычна-рэнэсансавы выгляд вежаў царквы. У 1996 г. храм вернуты праваслаўнай царкве. З 2010 г. у храме вядуцца рэстаўрацыйныя работы.
У храме знаходзіцца шанаваны цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай ў праваслаўнай рэдакцыі. У крыпце пад царквой пахаваны прадстаўнікі знатнага рода Храбтовічаў. Комплекс Барысаглебскага кляштара: Барысаглебская царква, галоўны алтар, манастырскі корпус адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.
Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей
Музей у Навагрудку заснаваны ў 1987 г. Адкрыты 12 верасня 1992 года. Экспазіцыя размешчана ў 9 залах, фонды музея налічваюць 13,5 тыс. адзінак захавання. Экспазіцыя адлюстроўвае найбольш значныя падзеі гісторыі горада і раёна, расказвае пра выдатных людзей, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з Навагрудчынай.
Экспазіцыя знаёміць з утварэннем Вялікага княства Літоўскага: каранацыяй Міндоўга, дзейнасцю вялікіх князёў Войшалка, Гедыміна, Вітаўта і інш., расказвае аб рассяленні татараў на Навагрудчыне, аб стварэнні праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ і г.д. На падставе дакументаў і дыярам паказаны змены ў статусе горада ў сувязі з атрыманнем ім магдэбургскага права, герба, пасяджэннямі Галоўнага трыбунала ВКЛ, а таксама войнаў, якія прывялі да разбурэння Навагрудскага замка, падзеі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў.
Музей мае багатую этнаграфічную калекцыю, творы народнага мастацтва (жаночы і мужчынскі строі, тканыя посцілкі, дзяругі, настольнікі, вышываныя ручнічкі, сурвэткі, гліняны і драўляны посуд). Асобнымі тэмамі пададзена дзейнасць у міжваенны перыяд у Навагрудку дзяржаўнай польскай і прыватнай беларускай гімназій.
Значная плошча адведзена паказу нямецкай акупацыі Навагрудчыны ў гады І і ІІ сусветных войнаў: удзел жыхароў у ваенных дзеяннях, рэжым акупацыі, трагедыя яўрэйскай абшчыны горада, рух супраціўлення, у якім удзельнічалі савецкія партызанскія атрады, фарміраванні Арміі Краёвай, яўрэйскі партызанскі атрад Бельскага і інш.
У музеі створаны мемарыяльны раздзел з архіва былога выпускніка беларускай гімназіі, ганаровага грамадзяніна г. Навагрудка, вядомага ў свеце навукоўца ў галіне астранаўтыкі Барыса Кіта (нар. у 1910), якому ў 2013 г. споўнілася ўжо 103 гады. Адзін з галоўных канструктараў амерыканскай ракетнай тэхнікі, Барыс Кіт з’яўляецца доктарам філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, заслужаным прафэсарам Мерылэндскага ўніверсітэту (ЗША), акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, ганаровым доктарам навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, найстарэйшым сябарам Амерыканскага таварыства астранаўтыкі, ганаровым сябарам Брытанскага міжпланетнага таварыства, удзельнікам камітэту міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі (Парыж), уладальнікам залатога медалю імя Оберта, многіх прэстыжных міжнародных прэміяў.
Гістарычная забудова цэнтральнай часткі Навагрудка
У Навагрудку (асабліва ў яго цэнтральнай частцы) захоўваецца гістарычная забудова канца ХVІІ – першай паловы ХХ стст. Тут можна пабачыць рэшткі каменнага млына (кан. ХVІІ ст.), будынак былых гандлёвых радоў (1812 г.), будынак былой Навагрудскай беларускай гімназіі (пач. XX ст.), комплексы жылой забудовы на Рынкавай плошчы, вул. Замкавай, Гродзенскай, 1 Мая і інш. Многія з гэтых аб’ектаў маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь другой ці трэцяй катэгорыі.


