Галоўная » » Свята-Елісеўскі Лаўрышаўускі мужскі манастыр
Комплекс манастыра
Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі заснаваны каля 1260 г., паводле Іпацьеўскага летапісу — «на реце на Немне межи Литвою и Новым городком», князем Літоўскім Войшалкам (вядомы таксама як Лаўрыш, Лаўрын), сынам князя Міндоўга, што па праву лічыцца адным з заснавальнікаў Вялікага княства Літоўскага. Магчыма, пазней мясцовасць артымала назву Лаўрышава ад імя фундатара. Дарэчы, сам Войшалк быў праваслаўным манахам і ўяўляў сабой рэдкае сплучэнне манарха і воіна з аднаго боку і інака, што жыў у манастыры, з іншага.
Першым настаяцелем манастыра быў Елісей. Згодна з жыціем святога, ён быў сынам князя Траняты, займаў высокую пасаду пры двары князя Міндоўга. Стаўшы хрысціянінам, Елісей пакінуў двор і адышоў у пустынь, дзе яго знайшоў нейкі праваслаўны манах, разам з якім Елісей заснаваў Лаўрышаўскі манастыр. Сярод яго братоў быў і князь Войшалк. Елісей быў забіты сваім гадаванцам, звар'яцелым паслушнікам у ноч на 23 кастрычніка каля 1250 г. Забойца, які дакрануўся да цела Елісея, атрымаў вылячэнне ад вар’яцтва. Мошчы прападобнага былі ўслаўленыя цудаздзяйснымі. Калі ў 1505 г. пры каралі і Вялікім князі Аляксандры татары спустошылі наваколлі Навагрудка, наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра, Гасподзь з’явіў цуд праз свайго ўгодніка: татарам падалося, што манастырскі двор запоўнены адборнай конніцай, і яны адступілі. Гэта цуд, верагодна, паслужыў падставай для кананізацыі прападобнага Елісея мітрапалітам Іосіфам Солтанам на саборы, які адбыўся ў Вільні ў 1514 г. Зараз Елісей Лаўрышаўскі – шанаваны беларускі святы, пра жыццё і цуды якога у Навагрудскім раёне і Навагрудку нагадваюць шмат гістарычных і рэлігійных аб’ектаў. Зазначым, што існуе версія, згодна якой Св. Елісей і князь Войшалк могуць атаесамляцца як адна асоба.
Каля 1329 г. для манастыра было напісана Лаўрышаўскае Евангелле (зараз знаходзіцца ў Кракаве). На металічнай вокладцы кнігі знаходзіцца выява воіна, што часта атаесамляецца з Войшалкам. З запісаў у Евангеллі вядома, што манастыр зваўся «Найсвяцейшай Багародзіцы Лаўрышаўскі манастыр». Вядома таксама, што ў ім былі храмы Уваскрэсення і Раства Найсвяцейшай Багародзіцы. Пры манастыры дзейнічала школа і бібліятэка.
У 1530 г. татары разарылі манастыр, усіх манахаў забілі. Перад спусташэннем мошчы Елісея і манастырскія каштоўнасці былі схаваныя. З часам Нёман змяніў рэчышча, і манастыр апынуўся на правым беразе сярод непраходных балот.
Апошні раз манастырскі комплекс быў адбудаваны ў 1775—1780 г., але, паводле падання, быццам ужо на новым месцы — у в. Лаўрышава. Ён складаўся з драўляных пабудоў: жылога корпуса, царквы і званіцы, а таксама з невялікай каменнай пабудовы, дзе знаходзіліся бібліятэка і склад. У 1798 г. на манастырскія сродкі была пабудавана прыхадская Успенская царква. Апошнім настаяцелем з 1820 г. быў іераманах Лявонцій (Аколаў). У 1824 г. у манастыры было 5 насельнікаў, бібліятэка налічвала 500 тамоў. У 1836 г. манастыр быў зачынены. Мясцовашанаваныя цудатворныя абразы Збаўцы і Багародзіцы былі перанесеныя ў Дзярэчынскую царкву, а манастырская царква была прызначана прыходскай. У кан. ХІХ ст. пры царкве дзейнічала брацтва.
У пач. ХХ ст. на старым месцы руплівасцю Мітрафана (Краснапольскага) (пам. 1919) і графа Канстанціна Апалінарыевіча Храбтовіча-Буценева манастыр быў адноўлены. Мітрафан (Краснапольскі), які быў епіскапам Мінскім і Тураўскім здзейсніў чын асвячэння храма, пабудаванага на месцы старажытнага Лаўрышаўскага манастыра. Храм быў асвячоны ў гонар прарока Елісея. Апроч пабудаванай царквы, вядомы таксама праект храма-званіцы, які датаваны 1912 г., быў пабудаваны жылы корпус і дом для паломнікаў. Адноўлены манастыр лічыўся Лаврышаўскім падворкам Мінскага архірэйскага дому. Але гэты манастыр праіснаваў нядоўга. У 1914 г. пачалася І сусветная вайна, і ў 1915 г. у выніку баявых дзеянняў згарэў храм, а пабудовы былі разбураныя, манахі змушаныя былі зыйсці. Побач манастырскай царквы ў брацкай магіле пахаваныя расійскія салдаты і афіцэры, магіла захавалася да сёння. З часам месца, дзе стаяў храм і манастырскія будынкі, стала зарастаць хваёвым лесам, і хтосьці, каб не страціць месца царквы, пасадзіў на ім куст бэзу.
У 1993 г. архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава (Грыцуняк) і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін (Гаранаў) здзейснілі асвячэнне месца, дзе стаяў манастырскі храм. У 1997 г. пачалося яго будаўніцтва. У 1998 г. было зробленае ўнутранае аздабленне і, напачатку лістапада 1998 г., епіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем (Апалька) храм быў асвячоны ў гонар вялебнага Елісея Лаўрышаўскага. З 2001 г. пры храме зарэгістравана прыхадская абшчына — прыход вялебнага Елісея Лаўрышаўскага в. Гнесічы Навагрудскага раёна. Рашэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 15 жніўня 2007 г. прыход ператвораны ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. Настаяцелем манастыра з'яўляецца архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, намеснікам — іераманах Еўсевій (Цюхлаў). Пры ўваходзе ў манастыр усталявана скульптурная кампазіцыя ў выглядзе камяня з паклонным крыжам, да якога вядуць ступені, што сімвалізуе Галгофу, дзе быў распяты Збавіцель.
Помнік Святому прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму
Бронзавы помнік Святому звышгоднаму (прападобнаму) Елісею Лаўрышаўскаму - заснавальніку Лаўрышаўскага манастыра. Усталяваны ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці на тэрыторыі Лаўрышаўскага манастыра 5 лістапада 2009 г. Скульптар Дзяніс Стрытовіч. Помнік асвечаны архіепіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем. Скульптура ўяўляе сабой бронзавы трохметровы манумент святога ў вобразе манаха-аскета, які сядзіць пагружаны ў малітву, але пры гэтым адна рука яго складзеная для добраславення, другая перабірае ружанец.


