Галоўная » » Кобрын
Горад Кобрын
Кафедральны сабор Св. князя Аляксандра Неўскага
Аляксандра-Неўскі сабор — кафедральны сабор Беларускай праваслаўнай царквы ў Кобрыне. Адносіцца да Кобрынскага благачыння Брэсцкай і Кобрынскай епархіі. Пабудаваны ў 1864—1868 гг. у стылі класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Узведзены ў знак адмены прыгоннага права (1861 г.) на месцы брацкай магілы рускіх салдат, што загінулі падчас Кобрынскага бою з арміяй Напалеона І 15 ліпеня 1812 г. На саборы ўсталявана мемарыяльная дошка: «...у гонар перамогі рускіх войскаў 1812 года».
У савецкія гады храм быў зачынены. Вернуты праваслаўнай абшчыне ў 1989 г., нанова асвячоны 12 верасня 1990 г. Аляксандра-Неўскі сабор размяшчаецца побач з ракой Мухавец. Настаяцель — протаіерэй Багдан Хома.
Аляксандра-Неўскі сабор уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, мае 2 катэгорыю.





Манумент у гонар перамогі рускіх войскаў у бітве пад Кобрынам у 1812 г.
Каля сабора размешчаны манумент у гонар першай значнай перамогі рускіх войскаў над арміяй імператара Францыі Напалеона І і яго саюзнікаў у бітве пад Кобрынам 15 ліпеня 1812 г. Узведзены помнік у 1912 г. (100-годдзе вайны), пераўсталяваны ў 1951 г. Манумент уяўляе сабой фігуру арла з паднятымі крыламі, які трымае ў дзюбе вянок. Арол стаіць на каменным п’едэстале з мемарыяльнымі шыльдамі, дзе пералічаны назвы ўсіх вайсковых падраздзяленняў, што прымалі ўдзел у бітве. Каля манумента ўсталяваны гарматы тагачаснага ўзору з ядрамі.











